З Мікалаеўшчыны родам

Другі раздзел экспазіцыі нашага музея – “З Мікалаеўшчыны родам”. Эпіграфам да яго з’яўляюцца словы Яўгена Хвалея:

         Прыйду на берагі крутыя,

         Дзе хвалі Нёмна залатыя

         Сплываюць спеўнымі радамі,

         З дубамі шэпчуць, чаратамі…

Мікалаеўшчынская зямля багатая на таленты. Хто ж яны, славутыя землякі знакамітай вёскі?

Найперш гэта Якуб Колас. Нарадзіўся ён 3 лістапада 1882 года ў Акінчыцах. Пазней пра гэта паэт пісаў:

         Пры шляху шырокім,

         Дзе стаіць камора,

         Я на свет з’явіўся

Пад глухі шум бору.

Позняю парою,

Восенню гнілою…

         У нашым музеі змешчаны літаратурныя працы Якуба Коласа. І зараз землякі паэта ўшаноўваюць яго імя: каля сельскага Савета ў Мікалаеўшчыне стаіць помнік Якубу Коласу, школа і мясцовая гаспадарка носяць яго імя. Штогод у Альбуці ладзіцца рэспубліканскае свята Каласавіны, прысвечанае знакамітаму пісьменніку.

         З Мікалаеўшчыны родам і Язэп Лёсік – беларускі мовазнаўца, пісьменнік, дзядзька Якуба Коласа. Нарадзіўся ён 6 лістапада 1884 года.

Тут жа закончыў мясцовае народнае вучылішча, быў некалькі разоў арыштаваны, працаваў у БДУ, выдаў шэраг навуковых прац, сярод якіх “Практычная граматыка беларускай мовы”, “Беларуская мова. Правапіс”. У 1928 годзе ён атрымаў званне акадэміка Акадэміі навук БССР. У 30-я гады рэпрэсіраваны, а ў 1988 пасмяротна рэабілітаваны.

         З Мікалаеўшчыны родам і Алесь Сянкевіч – беларускі дзяржаўны дзеяч, пісьменнік. Скончыў настаўніцкую семінарыю ў Нясвіжы. У 1906 годзе разам з Якубам Коласам арганізаваў у Мікалаеўшчыне нелегальны настаўніцкі з’езд Мінскай губерні. У 1921 годзе прызначаны наркомам аховы здароўя БССР, пасля стаў дацэнтам БДУ імя Леніна, пазней –рэктарам. У 1939 годзе быў прызнаны “ворагам народа” і спазнаў лёс усіх рэпрэсіраваных. Пасля смерці Сталіна быў рэабілітаваны, але ўжо пасмяротна. Алесь Сянкевіч з’яўляецца прататыпам вобраза Алеся Садовіча з трылогіі Якуба Коласа “На ростанях”  і доктара Стахава з рамана Аляксандра Фадзеева “Разгром”.

         Антось Галіна – беларускі пісьменнік-эмігрант. Сапраўднае імя Міхась Міцкевіч. Гэта родны брат Якуба Коласа. Эмігрыраваўшы за мяжу, Антось Галіна зрэдку выступаў з празаічнымі творамі ў беларускамоўным друку.

         Павел Дземідовіч – беларускі этнограф, фалькларыст. Закончыў Віленскі настаўніцкі інстытут, працаваў настаўнікам. Займаўся вывучэннем сямейнага побыту, вераванняў і абрадаў беларусаў, запісваў песні, паданні, легенды  ў розных мясцінах Беларусі. У 20-х гадах фалькларыст працаваў у Мінску, дзе і памёр 7 сакавіка 1931 года.

         Яўген Хвалей нарадзіўся ў в. Белькаўшчына ў 1947 годзе. Скончыў Мікалаеўшчынскую СШ, філфак БДУ. Працаваў рэдактарам выдавецтва “Юнацтва”. Выдаў зборнікі паэзіі “Прычасце”, “Зялёны прамень аеру”, “Квадры памяці”, кнігі для дзяцей “Насціны гасціны”, “Пацукі, або Таямнічы дзённік”, “Жалезная дзева”, “Каця на планеце радапедаў”.

         Мікола Маляўка нарадзіўся ў 1941 годзе ў Мікалаеўшчыне ў сялянскай сям’і. Друкуецца з 1957 года. Скончыў Мікалаеўшчынскую дзесяцігодку, філфак БДУ. Працаваў настаўнікам у Воранаўскім і Крупскім раёнах, служыў у СА, быў супрацоўнікам нясвіжскай раённай газеты “Чырвоны сцяг”, працаваў на Беларускім радыё і тэлебачанні. З 1969 года – старшы рэдактар рэспубліканскага метадычнага кабінета Міністэрства культуры БССР, з 1976 года – старшы рэдактар галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання. Першы зборнік вершаў “Едуць маразы” пабачыў свет у 1966 годзе, затым выйшлі зборнікі “Жалеза”, “Лотаць”, “Круг”, “Эстакада”, “Дар”, “Аднавяскоўцы”, “Зімні дождж” і інш. Для дзяцей – “Дзед і ўнучка”, “Вясёлая азбука”. З 1980 года – супрацоўнік часопіса “Вясёлка”.

Алесь Рыбак нарадзіўся ў 1934 годзе. Скончыў Мікалаеўшчынскую дзесяцігодку, філфак БДУ, працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет і часопісаў, на Беларускім радыё, у сакратарыяце Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, выкладаў беларускую мову ў Літаратурным інстытуце імя М.Горкага. Аўтар зборніка апавяданняў і гумарэсак “Дарогі бываюць розныя”, кнігі для дзяцей “Сёння прыедзе тата”, зборніка “Што пасееш”.

         Алесь Камароўскі нарадзіўся ў 1947 годзе ў в.Мікалаеўшчына ў сям’і рабочага. Скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ. Служыў ў Савецкай Арміі камандзірам узвода. Быў загадчыкам аддзела Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна, навуковым супрацоўнікам Літаратурнага музея Якуба Коласа, працаваў загадчыкам аддзела ў Рэспубліканскім праўленні аматараў кнігі БССР, на Беларускім тэлебачанні. З 1990 года – загадчык аддзела крытыкі і мастацтва часопіса “Маладосць”. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1988 года. З вершамі ўпершыню выступіў у 1961 годзе (газета “Піянер Беларусі”). Аўтар кніг “Пачатак”, “Зямля маіх надзей” (вершы і паэмы), аповесцей для дзяцей “Адкрытая тайна” і “Заварожаны мяч”.

         Ніяна Загарэўская нарадзілася ў в. Мікалаеўшчына ў 1973 годзе. Скончыла Брэсцкі дзяржаўны педінстытут. Працавала настаўніцай роднай мовы, літаратуры і гісторыі Беларусі ў Мікалаеўшчынскай ДАСШ імя Я. Коласа. Свае творы друкавала ў абласных і рэспубліканскіх газетах, часопісах “Першацвет”, “Маладосць”, альманаху “Дзень паэзіі”, “Берасцейскія карані”.