Яны стаялі ля вытокаў

Я правяду вас па зямлі, якая для мяне, ды і для кожнага з вас,  самы дарагі і любы сэрцу куточак. А завецца ён Стаўбцоўшчына.

         Стаўбцоўшчына… Кожны, хто неабыякавы да літаратуры і беларускай нацыянальнай культуры ўвогуле, атаясамлівае гэта слова з імем слыннага сына нашай зямлі Якуба Коласа. І гэта, безумоўна, так. Калыска паэта – Акінчыцы, Альбуць, Ласток, Мікалаеўшчына, Смольня не раз апеты паэтам і прынеслі гэтай зямлі вялікую славу. А томік твораў Коласа пабываў нават у космасе.

Каментар. Першы беларускі касманаўт двойчы Герой Савецкага Саюза Пётр Ільіч Клімук падараваў Літаратурнаму музею Якуба Коласа кніжку  паэзіі песняра – паэму “Новая зямля”, пакінуўшы наступны запіс у кнізе ганаровых гасцей: “З хваляваннем наведаў музей народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, творы якога я з дзяцінства помню і люблю. Таму і ў космас узяў кніжачку яго паэзіі. Там, у прасторах Сусвету, асаблівым сэнсам напаўняліся бессмяротныя словы:

                   Мой родны кут!

                   Як ты мне мілы!..

                   Забыць цябе не маю сілы…

                                                                            03.10.1975 г.

         А колькі яшчэ “маладых каласкоў” дала ўрадлівая зямля Стаўбцоўшчыны беларускай літаратуры!

А каб усё  гэта не было забыта ў народзе, і створаны ў нашай школе музей “Стаўбцоўшчына літаратурная”.

Ён быў адкрыты 7 красавіка 1997 года па рашэнні Стаўбцоўскага райвыканкама. Ініцыятарам стварэння музея быў тагачасны дырэктар школы Кахновіч Леанід Сямёнавіч. Яго ініцыятыву падтрымалі Шумчык Марыя Мар’янаўна, цяперашні дырэктар школы, а таксама настаўнікі роднай мовы і літаратуры.

Музей мае 5 раздзелаў. Першы – “Яны стаялі ля вытокаў”  – прысвечаны тым, хто стаяў ля вытокаў літаратуразнаўства, мастацтвазнаўства Стаўбцоўшчыны. Эпіграфам да яго з’яўляюцца словы Петруся Броўкі:

Душой каб зналі чулаю

         Пра пэўнае адно:

         Чым далей ад мінулага,

         Тым памятней яно.

Найперш глянем на літаратурную карту Стаўбцоўшчыны. Адшукваем знаёмыя назвы – Стоўбцы, Акінчыцы, Засулле, Навікі, Янкавічы, Налібокі…

На жаль, няма тут назвы нашай вёскі, але мне здаецца, што хутка і яе праславяць знакамітыя землякі, магчыма, яны ёсць нават сярод нас.

Заснавальнікам краязнаўства ў раёне па праву лічыцца былы настаўнік гісторыі Старасвержанскай сярэдняй школы Іван Андрэевіч Шавель. Менавіта яго матэрыял паслужыў асновай для нашых экскурсаводаў: педагог сабраў звесткі пра Уладзіслава Сыракомлю, Юзюка Фарботку, Каруся Каганца, Андрэя Зязюлю і іншых, чые фотаздымкі вы бачыце.

Уладзіслаў Сыракомля (1823 – 1862). Сапраўднае імя і прозвішча Людвік Кандратовіч. Гэта беларуска-польскі паэт. Нарадзіўся на Любаншчыне. Дзяцінства прайшло ў Мархачоўшчыне (1834 – 1840 гг.). У 1844 годзе стаў арандатарам фальварка Залучча, што недалёка ад Жукава Барка. Аўтар вядомых вершаў “Паштальён”, “Добрыя весткі”, “Ужо птушкі пюць усюды”. У 1868 годзе рускі паэт Трафалёў выдае верш “Ямщик”, які пазней лёг у аснову знакамітага раманса “Когда я на почте служил ямщиком”. На самай справе, гэта пераклад верша Уладзіслава Сыракомлі. У аснову яго леглі сапраўдныя падзеі, пра якія падслухаў паэт у карчме ў Міры.

Юзюк Фарботка (1893 – 1945гг.). Нарадзіўся ў Налібоках. Вучыўся ў Кіеўскім універсітэце. Удзельнічаў у рабоце “Беларускай хаткі”, у 20-30-ыя гг. займаўся навуковай дзейнасцю ў Польшчы. Дэбютаваў у 1912 годзе ў “Нашай ніве” з гумарыстычным вершам “Зацьменне”. Пераклаў некалькі раздзелаў з паэмы Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. Даследаваў гісторыю беларускай паэзіі ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. У 1993 годзе да юбілею паэта ў Налібоках быў адкрыты памятны камень-знак.

Карусь Каганец (1868 – 1918 гг.). Сапраўднае імя і прозвішча Казімір Кастравіцкі. Беларускі пісьменнік, перакладчык, мастак і мовазнаўца. Жыў у вёсцы Засулле. Аўтар апавяданняў і абразкоў “Засульскае турэ”, “Адкуль зязюля ўзялася”, “Бутрымава прыгода”. Аформіў кнігу “Другое чытанне для дзяцей беларусаў”, аўтарам якой быў Якуб Колас.

Андрэй Зязюля (1878 – 1921 гг.). Сапраўднае імя і прозвішча Аляксандр Астрамовіч. Гэта беларускі паэт і каталіцкі святар. У 1910 годзе ў Рубяжэвічах быў пабудаваны касцёл Святога Іосіфа. З 1911 года святаром у ім быў Андрэй Зязюля. Пазней ён працаваў у Петрапаўлаўскім касцёле ў Новым Свержні. Менавіта ў гэты час ён пасябраваў з Янкам Купалам і Якубам Коласам. Друкаваўся ў газетах “Беларус”, “Наша ніва”. Пасля смерці паэта выдадзены зборнік твораў “З роднага загону”.

Звязана са Стаўбцоўшчынай і імя волата беларускай паэзіі Янкі Купалы. Яго маці, Бянігда Іванаўна Луцэвіч, нарадзілася ў фальварку Ручына, ці Няшота, што недалёка ад Рубяжэвіч.

У свой час паэт пісаў пра маці:

                   Мне мудрасці кніжнай не даў Бог спазнаці,

                   Мой бацька не мог даць раскошаў такіх:

                   Наўчыўся я слоў беларускіх ад маці

                   І дум беларускіх без школы і кніг…

Таксама вядома, што бацька Купалы Дамінік Луцэвіч валодаў невялікімі надзеламі ля Цеснавой (фальварак Кукалёўшчына).

На Стаўбцоўшчыне ўшаноўваецца памяць пра паэта. Яго імем быў названы колішні калгас, зараз ААТ “Рубяжэвічы”.