Нёманам натхнёныя

Багата на таленты Стаўбцоўская зямля. Ёсць тут знакамітыя кампазітары, музыкі, мастакі, разьбяры па дрэве, вышывальшчыцы. Але найбольш, мне здаецца, яна праславілася паэтамі. Ці не пра наш край пісаў Пімен Панчанка:

Ёсць яшчэ адзін куточак запаветны,

Дзе растуць, нібы грыбы, здаўна паэты…

І натхніў іх на паэзію бацька Нёман. Эпіграфам да раздзела “Нёманам натхнёныя” з’яўляюцца вершаваныя радкі Ніла Гілевіча:

…Пакуль паэты будуць пець,

Не быць Радзіме безыменнай,

Зямлі бацькоў не анямець… 

У гэтым раздзеле змешчаны звесткі пра паэтаў-землякоў Івана Рубіна, Віктара Сабалеўскага, Алену Каленік, Лідзію Фарботка, Івана Кутаса, Алеся Мазура, Тамару Мазур, Зою Калкоўскую, Уладзіміра Мархеля, Валерыя Дранчука, Яўгена Сахуту, Яўгена Камароўскага, Сяргея Галоўку, Вольгу Шэлег, Алеся Пяткевіча, Яўгена Карпуця.

Віктар Вацлаваіч Сабалеўскі нарадзіўся ў 1961 годзе ў вёсачцы Марозавічы паблізу Рубяжэвіч. Скончыў мясцовую дзесяцігодку, затым – факультэт журналістыкі БДУ. З 1983 па 1988 гады працаваў у рэдакцыі газеты “Прамень” (карэспандэнтам, адказным сакратаром), а з восені 1988 года – намеснікам рэдактара Уздзенскай раённай газеты “Чырвоная зорка”. Вершы пачаў пісаць пад уплывам славутага земляка Якуба Коласа. З 1991 года ўзначальваў мясцовае літаб’яднанне “Нёманец” (ад назвы аднайменнай рачулкі, што дае пачатак Нёману на тэрыторыі Уздзеншчыны). На рахунку літаб’яднання – шматлікія сустрэчы ў працоўных калектывах, краязнаўчая работа, каля двух дзясяткаў калектыўных  і аўтарскіх кніжак паэзіі і прозы, публікацыі ў рэспубліканскіх выданнях, вандроўкі па родным краі і г.д.

Алесь Мазур нарадзіўся ў 1940 годзе ў вёсцы Стары Свержань, дзе скончыў сярэднюю школу. Вучыўся на факультэце журналістыкі БДУ. Працаваў журналістам – літсупрацоўнікам, загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі, амаль 20 гадоў – адказным сакратаром талачынскай раённай газеты “Сцяг Ільіча”. Вершы публікаваліся ў часопісах “Беларусь”, “Маладосць”, “Полымя”, газетах “Літаратура і Мастацтва”, “Звязда”, “Чырвоная змена” і іншых. Аўтар кніг паэзіі “Мы жыцця галінкі…”. Вершы друкаваліся ў калектыўных зборніках “Каласы роднай мовы”, “Матчына слова”, “Дзень паэзіі-91”, альманаху “Дзвіна”. Піша апавяданні, лірычныя эцюды.

Алена Каленік нарадзілася ў Мінску. Закончыла літаратурны факультэт настаўніцкага інстытута. У ваенны голад трапіла на Стаўбцоўшчыну, радзіму сваёй маці. Тут уключылася ў работу падпольнай арганізацыі, за што зімой 1944 года была арыштавана нямецкім гестапа. Турмы, вываз за межы Радзімы на прымусовыя работы ў Германію, допыт да страты прытомнасці, мор голадам, здзекі з паўраздзетых вязняў у маразы, бесчалавечныя эксперыменты, знясільваючая праца, вар’яцкія пакаранні за любую правіннасць – гэта наканаванне паэтэсы. Пасля вайны Алена Каленік заканчвае харавое аддзяленне Народнага ўніверсітэта мастацтва. Была няштатным аўтарам раённай газеты “Прамень”, спявала ў народным хоры ветэранаў пры Стаўбцоўскім раённым Доме культуры. Аўтар кнігі вершаў “Квецень белая”. Памерла ў 2003 годзе.  

Вольга Шэлег (1931 – 1965) нарадзілася ў в. Стары Свержань. Закончыла філфак БДУ, настаўнічала ў Навасёлкаўскай школе, працавала ў Інстытуце мовазнаўства АН БССР. З’яўляецца сааўтарам  навучальнага дапаможніка “Нарысы па беларускай дыялекталогіі” (1964), удзельнічала ў стварэнні “Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы” (1963), за што пасмяротна ёй была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР (1971).

Даўнім сябрам нашай школы з’яўляецца паэт, кампазітар, мастак Яўген Карпуць. Ён нарадзіўся ў 1938 годзе ў вёсцы Лабачы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў г.п.Юрацішкі паступіў у Гродзенскае культпрасветвучылішча. Пасля службы ў арміі доўгі час працаваў у Барысаве на асветніцкай ніве, сумяшчаючы працу з завочным навучаннем – спачатку ў Маладзечанскім музычным вучылішчы, затым у Маскоўскім дзяржаўным педінстытуце. Паэтычнай і празаічнай спадчынай аўтара з’яўляюцца зборнікі “Васільковыя прасторы”, “Феерверк. Імгненні жыцця”, “Камертон”, “Срэбны блюз”, “Аксаміт”.  Яго творы друкуюцца на старонках раённай газеты “Прамень”, змешчаны ў калектыўных зборніках “Дзе расце сон трава”, “Вясёлыя кропелькі”, “Люстэрка душы”, “Душа не можа памыліцца”, “Галасы роднай старонкі”, “Абуджэнне”, “Дыханне нябёсаў”. Яўген Вікенцьевіч з’яўляецца актыўным удзельнікам літаратурных аб’яднанняў “Аўтограф” (раённага) і “Жывіца” (г. Мінск).

 Яўген Сахута – мастацтвазнаўца, заслужаны дзеяч Беларусі. Нарадзіўся ў в. Вечатарова ў 1945 годзе. З’яўляецца аўтарам кніг “Народная разьба па дрэве” (1978), “Беларускае народнае мастацтва” (1980), “Народнае мастацкае кавальства” (1981), “Беларуская народная гліняная цацка” (1982), “Фарбы роднай зямлі” (1985) і іншых.

Яўген Камароўскі – вучоны, філолаг, прафесар БДУ. Нарадзіўся ў 1930 годзе ў в. Савані. З’яўляецца аўтарам кніг “Беларускі правапіс”, “Беларуская мова. Арфаграфія”, а таксама сааўтарам “Слоўніка беларускай народнай фразеалогіі”, навучальных дапаможнікаў “Беларуская мова”, “Беларуская дыялекталогія. Хрэстаматыя”.

Сяргей Галоўка – прадаўжальнік спраў Івана Андрэевіча Шавеля, былы галоўны рэдактар раённай газеты “Прамень”, супрацоўнік “Мінскай праўды”. Нарадзіўся ў в. Ператокі. Закончыў Старасвержанскую дзесяцігодку, філфак БДУ. Выступае ў друку з краязнаўчымі артыкуламі. Аўтар кнігі “Падказанае Нёманам”.