У пачатку 60-х гг. ХІХ ст. (1862-1863 гг.) у мястэчку Дзераўна Віленскай губерні Ашмянскага павета існавала яўрэйская школа.
Па рашэнні валаснога сходу ў 1866 годзе адкрыта Дзеравенскае народнае вучылішча, якое размяшчалася ў грамадскім доме.
Настаўнік вучылішча сын святара Мікалай Сцяпанавіч Васілеўскі навучаўся ў Літоўскакй духоўнай семінарыі. Веравызнанне праваслаўнае (на падставе Памятнай кніжкі Віленскай вучэбнай акругі, 1874 г.)
У 1878-1879 н.г. навучаліся 62 хлопчыкі, настаўнік Андрэй Паўлавіч Ляшчынскі, закон Божы выкладаў ксёндз Кіпрыян Жаброўскі (на падставе Памятнай кніжкі Віленскай вучэбнай акругі, 1887 г.)
У 1886-1887 н.г. у Дзеравенскім народным вучылішчы навучаліся 54 хлопчыкі і 1 дзяўчынка. Настаўнікам працаваў Аляксандр Дубяга. Навучаўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. Закон Божы выкладаў ксёндз Іаан Кантрымовіч (на падставе Памятнай кніжкі Віленскай вучэбнай акругі, 1887 г.).
У 1921 годзе ў вёсцы была пабудавана школа-сямігодка, якая стаяла на тэрыторыі сучаснай школы. Гэта быў аднапавярховы будынак, даволі вялікі па памерах, з трыма ўваходамі: для настаўнікаў, вучняў і службовы: для прыбіральшчыц, вартаўніка. Навучанне вялося на польскай мове, беларуская мова не вывучалася. Дырэктарам школы-сямігодкі быў Антон Гарошка.
У 1939 годзе, калі прыйшла Чырвоная Армія, школа была перададзена Саветам. Пачалі вывучаць рускую і беларускую мовы.
Школа працавала да 1943 года, пакуль не была спалена, каб не даць магчымасці абсталявацца ў гэтым будынку нямецкай камендатуры.
У 1944 годзе, адразу пасля вызвалення вёскі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, навучанне вялося па хатах, а пазней пад школу аддалі дом былога паліцая, якога забілі чырвонаармейцы. Вучыліся ў дзве змены. Настаўнікі выкладалі па некалькі прадметаў. Матэрыяльна-тэхнічная база была бедная. Пісаць даводзілася на шпалерах і на газетах паміж радкоў. Вучыліся ў дзве змены, арандавалі памяшканні ў вясковых хатах. Ствараліся жывыя куткі, дзе юннаты даглядалі жывёлу, рабілі гербарыі.
Адметнасцю таго часу была ліквідацыя бязграматнасці: настаўнікі наведвалі бязграматных жыхароў, навучалі іх чытанню і пісьму.
У 1951 годзе з Навагрудчыны ў Дзераўную прыехаў Чэрнікаў Фёдар Іванавіч, які ўзначальваў школу з 17 верасня 1951 года па 17 лютага 1954 года, пакуль яго не абралі старшынёй калгаса. Завучам быў Жарскі Аляксандр Іванавіч.
Заслуга абаіх у тым, што пры іх намаганнях сямігодка ператварылася ў сярэднюю школу.
Жарскі Аляксандр Іванавіч сабраў звесткі аб растучым кантынгенце вучняў, за што атрымаў вымову ад РАНА, але гэта садзейнічала адкрыццю 8, пасля 9, а затым і 10 класа. І ў 1957 годзе адбыўся першы выпуск 10-га класа.
Вылучалася сваёй інтэлігентнасцю Перасыпкіна Ганна Андрэеўна. Раней яна працавала інспектарам аблана, а калі яе мужа накіравалі ў Дзераўную дырэктарам МТС, то яна спачатку выкладала хімію і біялогію, а пасля ўзначаліла Дзераўнянскую СШ.
Нядоўга прабыў на пасадзе дырэктара школы Свінухоў Васілій Ягоравіч (1958-1959), былы партызан, пазней – дырэктар сельскагаспадарчай школы ў Волме. Менавіта ён пачаў перамовы з Чэрнікавым Ф.І. аб перавозе дома былой памешчыцы Чаінскай з Барка ў Дзераўную пад школу. Ён быў чалавек разумны, старанны, аднак быў звольнены за тое, што не пагадзіўся, каб Дзераўнянская дзесяцігодка зноў ператварылася ў сямігодку, а Хатаўскую школу за кошт Дзераўнянскай умацаваць, бо там паменшала камплектаў. Яшчэ раней Пузікаў Уладзімір Радзівонавіч (дырэктар школы ў 1954-1956 гг.) па дамове з загадчыкам РАНА Мельячэнкам М.Ф. аддаў праект тыпавой школы дырэктару Хатаўской школы Трапянку. Усе трое былі землякамі. Таму прыйшлося перавезці дом Чаінскай, зрабіць прыбудову па задуме Цітова Міхаіла Іванавіча, настаўніка рускай мовы і літаратуры. І гэты будынак праіснаваў да 2003 года. З 1965 па 1999 гады там быў прышкольны інтэрнат, а пазней увогуле будынак пуставаў і псаваў знешні выгляд школьнага двара.
Аднак гэта было на той час прымальна: не арандавалі больш будынкаў у сяльчан пад школу.
У новым памяшканні было 5 класных пакояў і настаўніцкая. На Пясках – 5 класных пакояў, настаўніцкая, бібліятэка.
У гэты час ствараецца вячэрняя школа, яе загадчыкам стаў Жарскі А.І. Ён жа быў і дырэктарам дзённай сярэдняй школы з 1961 па 1965 гады (завучам працаваў Паўлаў А.М., пазней – загадчык Дзяржынскага РАНА, заслужаны настаўнік БССР).
Менавіта 60-я гады былі адметныя для сістэмы народнай адукацыі: адбыўся пераход на адзінаццацігадовае навучанне. Умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база: атрымалі глобусы, карты, плакаты, наглядны матэрыял для кабінетаў фізікі, біялогіі, геаграфіі, прэпараты для хімічнага кабінета.
Была задума расшырыць будынак школы метадам народнага будаўніцтва, нават залілі фундамент.
Наладзілі гарачае харчаванне школьнікаў: бясплатна давалі два кавалачкі хлеба і шклянку чаю. Працаваў і буфет. Аказвалася гуманітарная дапамога малазабяспечаным сем’ям і дзецям-сіротам.
Пасля далучэння Івянецкага раёна да Стаўбцоўскага (восень 1962 года) Жарскі А.І. стаў членам Савета РАНА і пачаў дабівацца будаўніцтва тыпавой школы. Ён асабіста наведваў аблана і хадайнічаў аб будаўніцтве новага будынка школы. Дзякуючы яму ў 1965 годзе і быў узведзены сучасны будынак установы адукацыі.
Праектная арганізацыя была ў Барысаве. Спачатку Дзераўную наведаў інжынер з мэтай выбару месца пад будаўніцтва, правядзення каналізацыі, устанаўлення воданапорнай вежы. За месяц была падрыхтавана праектная дакументацыя. Спрыяў будаўніцтву школы і Чэрнікаў Ф.І. Спачатку было прапанавана пабудаваць школу на 800 чалавек, а замацавалі – на 636 вучняў і дом для настаўнікаў – двухпавярховы, чатырохкватэрны. Будавала школу абласное ўпраўленне капітальнага будаўніцтва. Урачыстае адкрыццё яе адбылося 1 кастрычніка 1965 года. Дырэктарам быў назначаны Панамароў Аркадзій Мікалаевіч.
З 1962 года ў школе адбываецца пераход на адзінаццацігадовае навучанне. Увялі вытворчае навучанне, і завучам яго стала Абрамовіч В.І. Праўда, адбылося толькі два выпускі – у 1965 і 1966 гадах. Было арганізавана вывучэнне аўтасправы і трактара, пры вячэрняй школе працавалі курсы шафёраў, музычны гурток (мандаліна, балалайка, гітара, скрыпка), дзейнічаў духавы аркестр, танцавальны гурток.
Панамароў Аркадзій Мікалаевіч (былы камандзір партызанскай брыгады “Спартак” на Вілейшчыне, пазней – інструктар Маладзечанскага абкама партыі, старшыня калгаса імя Ф.Э. Дзяржынскага) быў дырэктарам Дзераўнянскай школы з 1 верасня 1965 па 28 снежня 1974 года, пакуль не перастала біцца яго сэрца.
З 1962 года ён выкладаў у нашай школе гісторыю і грамадазнаўства. Пры ім адбыўся другі (і апошні) выпуск 11-га класа. У 1965-1966 н.г. са сцен школы выйшла чатыры класы – два 10-я і два 11-я (усяго 90 вучняў).
Вакол школы і школьнага стадыёна была закладзена тапалёвая алея выпускнікоў. Асобныя дрэвы захаваліся і цяпер, большасць жа спілавалі, бо былі небяспечныя для будынкаў, што стаяць у завулку Школьным.
У новым будынку школы асноўная работа была накіравана на добраўпарадкаванне, эстэтычнае афармленне кабінетаў і прышкольнай тэрыторыі.
Стары будынак школы абсталявалі пад інтэрнат, у якім жылі вучні з аддаленых ад Дзераўной вёсак.
Пры школьнай сталовай адкрыўся кандытарскі цэх, дзе выпякаліся булачкі як для школьнікаў, так і для жыхароў вёскі.
Упершыню была ўведзена стаўка арганізатара пазакласнага і пазашкольнага выхавання. Ім стаў Урбан Станіслаў Вікенцьевіч, пазней – Абрамовіч Іван Іванавіч, настаўнік геаграфіі, заслужаны настаўнік БССР.
Урбан Марыя Вікенцьеўна была дырэктарам з 25 сакавіка 1975 года па 14 кастрычніка 1975 года (пасля смерці Панамарова А.М. абавязкі дырэктара выконваў завуч Серы Уладзімір Міхайлавіч). Працавала Марыя Вікенцьеўна нядоўга. У гэты час у школе налічвалася 750 вучняў, амаль 70 педагогаў. Па ініцыятыве настаўніка фізкультуры Вярбіцкага Ч.П. адрамантавалі спартыўны інвентар на стадыёне.
Вясной 1975 года была закладзена ліпавая алея, пасаджаны 2 дубкі (дрэвы захаваліся ), зроблена агароджа вакол школы.
Серы Уладзімір Міхайлавіч быў прызначаны дырэктарам ў лістападзе 1975 года і прабыў на гэтай пасадзе да 1 верасня 1979 года. Завучам былі спачатку Папко Людміла Пятроўна, пасля – Абрамовіч Іван Іванавіч.
Працаваў Серы У.М. у школе з 1962 года: спачатку настаўнікам матэматыкі, пасля – завучам (1967-1975 гг.) і зноў настаўнікам матэматыкі (да 1994 года).
У сярэдзіне 70-х школа пераходзіць на кабінетную сістэму навучання, уводзяцца рухомыя перапынкі, калі ўсе выходзілі ў любое надвор’е на стадыён і займаліся рухомымі гульнямі, а падчас урокаў былі абавязковыя фізкультмінуткі.
У гэтыя гады наша школа славілася мастацкай самадзейнасцю: існавалі славутая мужчынская вакальная група і хор – пераможцы раённага і ўдзельнікі абласнога агляду школьнай мастацкай самадзейнасці.
Паўлюшчык Юзэфа Аляксандраўна ўзначальвала нашу школу з 1979 па 1986 гады.
Паколькі раслі класы-камплекты, памяшканняў не хапала, то па яе ініцыятыве рэкрэацыя другога паверха была рэканструявана пад два класныя пакоі. Яны былі невялікія, аднак пры дзяленні на групы па вывучэнні рускай і замежных моў месца для навучэнцаў хапала. Пазней там вучыліся класы, невялікія па колькасці вучняў.
На першым паверсе для шасцігодак было арганізавана месца для гульняў і адпачынку, было заказана ў ПМК-74 спецыяльнаяе абсталяванне.
У школе вывучалі аўтасправу, былі 4 аўтаінструктары, 3 грузавыя аўтамашыны. Таму быў пабудаваны аўтагараж на 3 месцы.
На прышкольным участку быў узведзены летні павільён (“зялёны клас”) па просьбе біёлагаў. Там была альтанка, размяшчаліся сталы і лаўкі, дзе дзеці ў гарачы дзень знаходзілі прахалоду. Тут жа сушылі лекавыя травы, праводзіліся гульні з малодшымі школьнікамі з ГПД.
Ізноў жа па просьбе біёлагаў зрабілі плёначную цяпліцу, дзе вырошчвалі расаду, памідоры, агуркі.
Па ініцыятыве Паўлюшчык Ю.А. быў адкрыты школьны краязнаўчы музей. Там знаходзіліся рэчы хатняга ўжытку, матэрыял аб працоўнай і баявой славе землякоў. Асобнае месца займаў матэрыял пра А.М. Панамарова. Загадваў музеем В.П. Суднік. Аднак праіснаваў музей нядоўга, бо памяшканне было невялікае.
Кахновіч Леанід Сямёнавіч – дырэктар школы з 1986 года па 2002 гады. У пачатку яго кіраўніцтва ў школе налічвалася 647 вучняў, на канец – 535.
Па-ранейшаму вучыліся ў дзве змены. Адбывалася дзяленне на групы па фізкультуры, рускай і замежнай мовах. На трэцім паверсе, у рэкрэацыі, стварылі музей “Стаўбцоўшчына літаратурная”, урачыстае адкрыццё яго адбылося 7 красавіка 1997 года.
Наладжана профільнае навучанне: фізіка-матэматычны, біяхімічны, гуманітарны і політэхнічны профілі, сувязь з БДАТУ, стварыліся ліцэйскія класы (пры Кахновічу Л.С. адбылося два выпускі). Перасталі існаваць падрыхтоўчыя класы: у школу пайшлі з шасці гадоў. Закрылі аўтасправу (1987), і з 1988 года вывучаецца трактарная і кравецкая справы, адкрыўся камп’ютарны клас. КУВТ-1986, аўтобус для перавозкі вучняў, тэлевізар, відэакамеру падараваў спонсар з Ленінграда Кот У.І. Адбыўся капітальны рамонт спартыўнай залы і кацельнай.
Леанід Сямёнавіч дамогся, каб драўляную агароджу вакол школы замянілі на металічную. Хацеў, каб школе надалі статус аграшколы, бо была наладжана сувязь з НДІ садаводства і пчалярства, але ў 90-я гады гэта ажыццявіць не ўдалося.
Прышкольны інтэрнат закрылі ў канцы 90-х гадоў, бо пачаў ажыццяўляцца падвоз вучняў.
З 2002 года ўстанову адукацыі ўзначальвае Шумчык М.М. Дзякуючы яе намаганням школа змянілася як знешнім выглядам, так і зместам: радуюць вока роўненькія шнурочкі акуратна падстрыжаных дэкаратыўных кустарнікаў, з густам аформлены прыгожыя клумбы і газоны.У школе створана сучасная матэрыяльна-тэхнічная база. У свой час былі пашыраны асобныя кірункі паглыбленага вывучэння розных прадметаў, з якіх на сёння захаваўся фізіка-матэматычны. У недалёкім мінулым апраўданай была дзейнасць ліцэйскіх класаў, адкрытых пры БДАТУ. Цеснае супрацоўніцтва школы з вышэйшай навучальнай установай давала свой плён: многія выпускнікі школы паступалі ў названую навучальную ўстанову, станавіліся спецыялістамі ў сельскай гаспадарцы.
З 2018 года ва ўстанове адукацыі на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі дзейнічаюць групы аграрнай накіраванасці, вывучаецца вучэбны прадмет “Працоўнае навучанне”, у рамках якога рэалізуецца адукацыйная праграма прафесійнай падрыхтоўкі рабочых па прафесіі “Агароднік”.
У 2011, 2013 гадах установа адукацыі стала лаўрэатам спаборніцтваў “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі” сярод устаноў адукацыі, аддзелаў адукацыі раённых і Жодзінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў у намінацыі “Лепшая ўстанова адукацыі ў арганізацыі вучэбнага працэсу сярод устаноў, размешчаных у сельскай мясцовасці”. У 2012, 2015, 2017 гадах – пераможца абласнога конкурсу “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі” сярод устаноў адукацыі, аддзелаў адукацыі, спорту і турызму райгарвыканкамаў у намінацыі “Лепшая ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаная ў сельскай мясцовасці”. Па выніках работы за 2017 год калектыў узнагароджаны граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у намінацыі “Лепшая ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі”.