Гаспадары хлебнай нівы
Самае вялікае багацце – гэта зямля. Яна, наша карміцелька, у сто разоў адплаціць таму, хто клапоціцца пра яе, прымнажае яе ўрадлівасць. Актыўнымі “лекарамі” сельгасугоддзяў з’яўляюцца аграномы.
Аграном – гэта адзін з важных спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Менавіта ў яго задачу ўваходзіць распрацоўка новых метадаў павышэння ўраджайнасці, культывацыя відаў, засваенне новых, раней неўласцівых гэтай мясцовасці сельскагаспадарчых раслін. У адной асобе аграном – гэта навуковец-селекцыянер і брыгадзір на сельскагаспадарчых працах.
Брыгадзір ААТ (раней – калгаса) на сельскагаспадарчых прадпрыемствах забяспечвае выкананне тэхналогіі вытворчасці раслінаводчай прадукцыі на землях кіруемага ім вытворчага падраздзялення. З улікам канкрэтных вытворча-эканамічных умоў праводзіць работу ва ўвядзенні і засваенні навукова абгрунтаванай сістэмы земляробства і далейшай інтэнсіфікацыі раслінаводства, арганізуе выкананне мерапрыемстваў па вырашэнні ўрадлівасці глебы, ураджайнасці сельскагаспадарчых культур, рацыянальным выкарыстанні рабочай сілы, тэхнікі на аснове ўкаранення індустрыяльных тэхналогій і навуковай арганізацыі вытворчасці, асновы зямельнага і працоўнага заканадаўства.
Брыгадзір павінен ведаць агратэхніку і насенняводства сельскагаспадарчых культур, стандарты, навуковыя асновы эканомікі і арганізацыі вытворчасці, асновы зямельнага і працоўнага заканадаўства. Павінен мець вышэйшую ці сярэднюю спецыяльную адукацыю. Звычайна ён па спецыяльнасці аграном.
З гісторыі калгаса “Чырвоная зорка”
У кастрычніку 1949 года рашэннем сходу сялян вёскі Дзераўная Дзераўнянскага сельскага Савета Івянецкага раёна Баранавіцкай вобласці быў створаны калгас “Чырвоная зорка”.
У снежні 1951 года ў адпаведнасці з рашэннем агульных сходаў калгаснікаў і райвыканкама было праведзена ўзбуйненне калгаса “Чырвоная зорка”, да яго далучаны калгас “Чырвоны партызан” (з цэнтрам у вёсцы Падляскоўе).
У лістападзе 1952 года было праведзена другое ўзбуйненне. У гэты час да яго былі далучаны калгасы ім. М. Горкага (з цэнтрам у вёсцы Зарэчча) і “Перамога” (з цэнтрамі ў вёсках Заброддзе і Круговіны).
У 1959 годзе да калгаса “Чырвоная зорка” былі далучаны дзве брыгады калгаса “За мір”, якія размяшчаліся ў вёсках Лубень і Хатоўка. Праўленне калгаса і яго гаспадарчы цэнтр былі размешчаны ў в. Дзераўная.
Калі ўзбуйнілі землі, уступілі ў калгас і аднаасобнікі. Для калгаса былі выдзелены лепшыя землі ў адным масіве (за школай і могілкамі, дзе цяпер сад і стадыён). Ранейшы калгас меў назву Новая Дзераўная.
Першым старшынёй узбуйненага калгаса стаў Чэрнікаў Фёдар Іванавіч (да яго быў Бець Рафаіл Антонавіч), брыгадзірам – Іваноўскі, загадчыкам фермы – Сахар Вацлаў. Пасля выезду Іваноўскага ў Польшу брыгадзірам стаў Карл Уляшка.
Кіраўнікі паляводчых брыгад калгаса “Чырвоная зорка”
Босы Вітольд Іосіфавіч
У 1963 годзе брыгадзірам брыгады калгаса “Чырвоная зорка”, якая складалася з жыхароў вёсак Беламошша, Заброддзе, Круговіны, Падляскоўе, стаў Вітольд Босы. Ён нарадзіўся ў вёсцы Заброддзе 3 сакавіка 1933 года, пасля школы адслужыў у 1952-1955 гадах у арміі ў горадзе Саратаве. Вярнуўся ў родную вёску, працаваў у калгасе і па накіраванні з 1959 па 1963 гады вучыўся ў Навагрудскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Маладому брыгадзіру дасталася адна з самых вялікіх брыгад калгаса, у той час на палявыя работы выходзіла вялікая колькасць людзей, бо вёскі былі заселены, а сельскагаспадарчая вытворчасць была механізавана нязначна.
Людзі працавалі добра, і поспехі былі. Сведчаннем таму з’яўляецца бронзавы медаль ВДНГ у 1972 годзе ў Маскве. За поспехі ў працы брыгадзір быў узнагароджаны ў 1973 годзе медалём “За працоўную доблесць” (да 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна), а ў 1974 годзе – ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Жыццёвыя абставіны склаліся так, што ў 1974 годзе Вітольд Іосіфавіч пакінуў пасаду брыгадзіра і працягваў працаваць ў калгасе: з 1974 па 1978 гады – загадчыкам фермы, з 1978 па 1981 гады – загадчыкам гаспадаркі калгаса, а з 1981 года і да выхаду на пенсію ў 1993 годзе – аператарам на ферме “Заброддзе”.
Памёр у 2009 годзе. Меў свой дом у вёсцы Заброддзе, быў жанаты (жонка Лідзія Філіпаўна), у сям’і нарадзілася двое сыноў і дачка (адзін сын трагічна загінуў). Генадзь і Ганна жывуць і працуюць у Мінску. Расце пяцёра ўнукаў.
Бербаш Эдуард Іосіфавіч
З 1975 года 2-ю паляводчую брыгаду ўзначаліў Бербаш Эдуард Іосіфавіч.
Нарадзіўся 30 лістапада 1935 года ў вёсцы Хутар-Барок Аталезскага сельсавета Стаўбцоўскага раёна. Павага да працы земляроба перайшла ад бацькоў – Іосіфа Іванавіча і Леакадзіі Міхайлаўны, – якія мелі ў свой час надзел зямлі і, абрабляючы яго, выхоўвалі працалюбства ў дзяцей. (Да 1939 года Стаўбцоўшчына ўваходзіла ў склад Польшчы).
Няпоўную сярэднюю адукацыю атрымаў у Аталезскай школе, у якую хадзіў аж за 7 кіламетраў. Вучыўся добра. Затым была вучоба ў Навагрудскім ПТУ механізацыі сельскай гаспадаркі. Фотаздымак Бербаша Э.І. і цяпер знаходзіцца на Дошцы гонару вучылішча, бо вучыўся добра, удзельнічаў у спартыўных спаборніцтвах (у лыжным забегу на 30 кіламетраў заняў 2-е месца). Атрымаў за гэты час шмат пахвальных лістоў. Скончыў вучылішча ў 1954 годзе.
Пасля службы ў арміі з 1957 года працаваў у Дзераўнянскай РТС, а з 1958 года звязаў сваё далейшае жыццё з калгасам “Чырвоная зорка”. Да 1975 года – механізатар. Спачатку трактары былі нават без кабін, рамонт праходзіў пад адкрытым небам. У час жніва садзіўся за штурвал камбайна (першыя камбайны – толькі парасон над галавой). Неўзабаве ў калгасы пачала паступаць новая тэхніка. Давялося папрацаваць і на нямецкім камбайне. Праца была даспадобы, таму атрымліваў добрыя вынікі і шматлікія ўзнагароды: граматы, каштоўныя падарункі: радыёпрыёмнік, залаты гадзіннік, дываны, аўтамашына і інш.
З 1975 года – брыгадзір 2-й паляводчай брыгады. Брыгада займала першае месца сярод брыгад і вытворчых участкаў раёна, узнагароджвалася тэлевізарамі, турыстычнымі пуцёўкамі і інш.
Бербаш Э.І. быў удзельнікам ВДНГ. Завочна паступіў у Смілавіцкі саўгас-тэхнікум, які скончыў у 1984 годзе па спецыяльнасці агранамія.
“Мы, земляробы, часта празмерна скардзіліся на надвор’е, – успамінаў Эдуард Іосіфавіч, – маўляў, яно вінавата, падвяло. Здараецца і такое, але часцей грахі свае прыкрываем, недаробкі. Усё ў асноўным залежыць ад чалавека, ад калектыву, удзелу кожнага ў грамадскай вытворчасці”. З гэтымі словамі былога кіраўніка вялікага працоўнага калектыву нельга не пагадзіцца, хоць вельмі важна, хто стаіць на чале калектыву, можа зацікавіць людзей, арганізаваць іх на паспяховае вырашэнне задач, што стаяць перад калгасам. Набываў гэтыя патрэбныя якасці кіраўніка Эдуард Іосіфавіч у працэсе работы.
З успамінаў былога старшыні калгаса “Чырвоная зорка” Загусты Івана Іосіфавіча: “Званне лепшай у нашым калгасе трывала ўтрымлівала брыгада Эдуарда Іосіфавіча Бербаша. У гэтым калектыве былі стабільныя ўраджаі і прадукцыйнасць працы высокая. Да мінімуму зведзены выпадкі парушэнняў вытворчай дысцыпліны”. Багатым караваем аддзячвала зямля за клопаты аб ёй, за працавітыя рукі. Быў год, калі з кожнага са 152 гектараў атрымалі па 40,9 цэнтнера збожжавых і зернабабовых, а бульбы – па 363 цэнтнеры з кожнага гектара”.
Асабістае жыццё Бербаша Э.І. таксама складалася добра. Ажаніўся ў 1959 годзе. Часлава Міхайлаўна, жонка, нарадзілася ў 1939 годзе. Сын Раман нарадзіўся ў 1960 годзе жыве і працуе ў Мінску, дачка Галіна – у 1965 (працуе ў Дзераўнянскім цэнтры культуры). Пабудаваў дом у вёсцы Падляскоўе. Растуцьтры ўнучкі.
За добрасумленную працу і ўмелае кіраўніцтва брыгадай атрымаў дзяржаўныя ўзнагароды: медаль “ За працоўныя заслугі” (1968 г.); ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета Беларусі (1959, 1969); ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга (1972); ордэн Леніна (1977); 2 залатыя, 1 сярэбраны і 4 бронзавыя медалі ВДНГ СССР; граматы раённага і абласнога ўзроўняў. У 1986 годзе прысвоена званне “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі”. За час працы Бербаша Э.І. змяніліся два старшыні калгаса – Чэрнікаў Ф.І. і Загуста І.І.
На пенсію выйшаў у 1992 годзе, але працягваў працаваць да 1995 года.
Памёр у 2009 годзе.
Cенька Станіслаў Браніслававіч
Адным з першых брыгадзіраў вёскі Дзераўная быў Сенька Станіслаў Браніслававіч. Гэта быў брыгадзір-практык, бо старшыня калгаса Чэрнікаў Фёдар Іванавіч, прапанаваўшы яму гэту пасаду, ведаў, якая адукацыя была ў Станіслава (чатыры класы).
Нарадзіўся Станіслаў Браніслававіч 1 сакавіка 1934 года ў вёсцы Дзераўная ў сям’і хлебаробаў. Прайшоў усю навуку апрацоўкі зямлі і догляду пасеваў, дапамагаючы бацькам на ўласным кавалку зямлі, а потым стаў працаваць у створаным калгасе. Праз выпадкова прастрэленую нагу (зброі пасля вайны хапала) у армію служыць не прызвалі.
Калгасную зямлю ў асноўным апрацоўвалі коньмі. 20 гектараў бульбы садзілі і ўбіралі ўручную. У час уборкі выходзіла 70 касцоў і 120 жнеяў. Працоўную навуку прайшоў поўнасцю. Калі прапанавалі працу лесніком, то пайшоў, ды толькі нядоўга ім быў, бо згадзіўся на прапанову старшыні калгаса стаць брыгадзірам. З 1960 года ўзначаліў паляводчую брыгаду, прыняўшы яе ў першага брыгадзіра ў Дзераўной Уляшкі Карла Карлавіча, у якога многа чаму можна было павучыцца. Давер старшыні і аднавяскоўцаў апраўдаў.
Мацнеў калгас, лепш зажылі калгаснікі. У 1965 годзе за поспехі брыгады і добрасумленную працу Станіслаў Браніслававіч быў узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”, а ў 1973 годзе – ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Сярод узнагарод былі медалі “За доблестный труд”, “Ветеран труда”, шматлікія граматы і дыпломы розных узроўняў. Шмат разоў праўленне калгаса ўзнагароджвала яго каштоўнымі падарункамі.
Ажаніўся ў 1957 годзе, у сям’і нарадзілася двое дзяцей – сын Леанід і дачка Валянціна.
У 1979 годзе пакінуў працу брыгадзіра. Да пенсіі працаваў у пажарнай ахове. На пенсію пайшоў у 1994 годзе. Памёр у 2013 годзе.
Дзям’янка Іван Канстанцінавіч
У 1964 годзе брыгаду ў вёсцы Барок калгаса “Чырвоная зорка” узначаліў Дзям’янка Іван Канстанцінавіч. Адзінаццаць (рэдка пятнаццаць) цэнтнераў збожжа з гектара атрымлівалі хлебаробы ў той час. Гэтыя паказчыкі не задавальнялі кіраўніцтва гаспадаркі і брыгадзіра таксама, бо сам ён быў з сям’і хлебаробаў, рос, гадаваўся, працаваў на зямлі.
Карэнны пералом у сельскую гаспадарку прынёс сакавіцкі (1965 г.) Пленум ЦК КПСС. Вялікую дапамогу калгасам пачала аказваць дзяржава.
“Не прайшло і чатыры гады, як брыгада ўжо атрымала ўпершыню па 25,5 цэнтнераў збожжа з гектара, – успамінаў Іван Канстанцінавіч. – Гэта яшчэ раз пацвердзіла, што і наша зямля можа даваць багатыя ўраджаі, а цяпер мала аднаго жадання працаваць. Трэба ўсё вырашаць навукова”.
Іван Канстанцінавіч быў не толькі ўмудроны вопытам чалавек, але стаў і аграномам. Нягледзечы на свой сталы ўзрост, ён закончыў Мар’інагорскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Умела спалучаў тэорыю з практыкай. Яму дазвалялі ў гаспадарцы эксперыментаваць вырошчванне той ці іншай культуры. Скажам, жыта сорту “бялба” першым пасеялі ў яго брыгадзе. Завезлі ячмень сорту “мамі” –і зноў эксперымент у брыгадзе Івана Дзям’янкі. Так рабілі і з іншымі новымі сартамі, пакуль яны знаходзілі сабе пастаянную прапіску ў калгасе. Іван Канстанцінавіч не спыняўся на дасягнутым, ён заўсёды быў у пошуку. Яго можна было бачыць на занятках аграгуртка, не абмінаў ён пазнаёміцца з навінкамі ў галіне сельскай гаспадаркі, якія з’яўляліся ў друку.
Брыгада І.К. Дзям’янкі славілася не толькі высокімі ўраджаямі збожжавых, але добра радзілі тут лён, бульба і інш. культуры. У 1977 і 1978 гадах брыгада станавілася пераможцай сярод 105 паляводчых брыгад раёна па вытворчасці збожжа. Сярэдняя ўраджайнасць склала 42 цэнтнеры з гектара. Іван Канстанцінавіч зарэкамендаваў сябе не толькі як добры спецыяліст і тэхнолаг вытворчасці, але і як умелы арганізатар, выхавацель людзей. Іван Канстанцінавіч гаварыў: “Нельга жыць толькі сённяшнім днём, якім бы ён удалым ні быў. Думка пра заўтрашні дзень павінна прысутнічаць ва ўсёй брыгадзірскай рабоце. Трэба бачыць перспектыву, пераканаць у яе рэальнасці ўсіх калгаснікаў. І тады яны дапамогуць ажыццявіць вашы планы і задумы”.
У 1972 годзе Дзям’янка І.К. узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, а ў 1978 – ордэнам Леніна. За добрасумленную працу атрымаў шматлікія граматы, дыпломы, каштоўныя падарункі. Жыў у вёсцы Барок у сваім доме. Жонка, Валянціна Сідараўна, працавала настаўніцай біялогіі ў Дзераўнянскай СШ. Дачка Галіна жыве ў горадзе Чэрвені, сын Станіслаў – у Стоўбцах.
Памёр у 2005 годзе.
Губар Леакадзія Станіславаўна
Аб’яднанай брыгадай вёсак Заброддзе і Дзераўная з 1983 года кіруе Губар Леакадзія Станіславаўна. У 1986 годзе брыгаду ў вёсцы Дзераўная ўзначаліў Даўгапол Аляксандр Іосіфавіч, а Леакадзія Станіславаўна да 1989 года працягвала кіраваць паляводчай брыгадай у вёсцы Заброддзе.
Губар Леакадзія (дзявочае прозвішча Агейка) нарадзілася ў вёсцы Заброддзе. У 1969 годзе закончыла 9 класаў Дзераўнянскай школы і паступіла ў Смілавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, які закончыла ў 1973 годзе па спецыяльнасці агранамія. З 1973 па 1976 гады працавала брыгадзірам у калгасе “1 Мая” Стаўбцоўскага раёна. Пасля таго як выйшла замуж за Губара Карла Феліксавіча, стала працаваць у калгасе “Чырвоная зорка”. Была статыстам, старшынёй прафкама, брыгадзірам паляводчай брыгады, загадчыцай зернясклада, цяпер працуе аграномам.
У сям’і нарадзілася трое дзяцей – два сыны і дачка. Усе дзеці жывуць і працуюць у Мінску.
Даўгапол Аляксандр Іосіфавіч
У 1986 годзе брыгаду ў вёсцы Дзераўная ўзначаліў Даўгапол Аляксандр Іосіфавіч (дадатак 6), які працаваў на гэтай пасадзе да 2004 года, праўда, пазней гэта была ўжо не брыгада, а вытворчы ўчастак, які ўключаў у сябе не толькі раслінаводства, але і жывёлагадоўлю, а пасада чалавека, які ўзначальваў яго, называлася начальнік участка.
Нарадзіўся 24 снежня 1960 года ў вёсцы Дзераўная, закончыў Дзераўнянскую сярэднюю школу ў 1978 годзе. Маці працавала настаўніцай замежнай мовы, бацька – загадчыкам малочнатаварнай фермыў вёсцы Барок. Пасля заканчэння школы, да службы ў арміі, працаваў на мотавелазаводзе ў Мінску. Тэрміновую ваенную службу праходзіў у Асіповічах, быў шафёрам. У горадзе, як кажуць, не прыжыўся і вярнуўся на радзіму. Працаваў шафёрам у калгасе “Чырвоная зорка”. Завочна закончыў Гродзенскі інстытут сельскай гаспадаркі па спецыяльнасці вучоны аграном. Пасля заканчэння ўзначаліў брыгаду ў роднай вёсцы. У пачатку працоўнай дзейнасці яму пашчасціла працаваць з вопытным спецыялістам Бербашам Эдуардам Іосіфавічам, які перадаваў маладому аграному свае практычныя веды і вопыт, знаёміў з усімі тонкасцямі працы.
Гады брыгадзірства Аляксандра Іосіфавіча прыпалі на складаны час “перабудовы”. Перастаў існаваць СССР. Праз фінансавыя цяжкасці амаль у два разы знізілася ўнясенне мінеральных угнаенняў, адбыўся спад вытворчасці. Амаль у два разы зменшыліся бульбяныя плошчы і ў два разы ўраджайнасць. У некалькі дзясяткаў разоў зменшыўся продаж бульбы. Але паступова справы пачалі наладжвацца. Стала паступаць новая тэхніка, наладзіліся пастаўкі ўгнаенняў. Выраслі паказчыкі. Брыгада зноў была ў лідарах вытворчасці ў раёне.
З 2004 года Даўгапол А.І. працаваў начальнікам вытворчага ўчастка Стаўбцоўскай ПМС, а зараз працуе прарабам у ААТ “АБФ ПМК-74 –Налібокі”.
У 1982 годзе ажаніўся, калгас выдзеліў маладой сям’і дом . Жонка, Ванда Генадзьеўна, пасля заканчэння інстытута культуры, працуе бібліятэкарам у Дзераўнянскай СШ. У сям’і два сыны, чацвёра ўнукаў.
За сваю працу Аляксандр Іосіфавіч неаднаразова ўзнагароджваўся граматамі і каштоўнымі падарункамі.
Пракоп Генадзій Вяслававіч
Нарадзіўся і вырас у вёсцы Хатоўка ў працавітай сялянскай сям’і. Любоў да сялянскай працы дзецям прывівалі з дзяцінства. Сям’я была на той час вельмі заможная, трымала вялікую гаспадарку, а паколькі Генадзь быў адзіным сынам (у сям’і нарадзілася чацвёра дзяцей – сын і тры дачкі), то асноўная нагрузка клалася на плечы хлопца. Пасля заканчэння Хатаўской сярэдняй школы юнак паступіў у Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію на агранамічны факультэт, закончыў у 1987 годзе і размеркаваўся ў родныя мясціны. Сваю працоўную дзейнасць пачаў аграномам-аграхімікам у саўгасе “Хотава”, дзе працаваў да 1990 года, а затым перайшоў на працу ў калгас “Чырвоная зорка” на пасаду агранома па кормавытворчасці. У 1991 годзе пераведзены аганомам-насенняводам. З 2003 года – аграном-насеннявод СВК “Дзераўная”. З 2017 года – галоўны аграном ААТ “Дзераўная”.
Жанаты. Жонка, Алена Міхайлаўна, працуе медсястрой у Стаўбцоўскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. У сям’і нарадзіліся два сыны – Вячаслаў і Віталій, выпускнікі Дзераўнянскай сярэдняй школы. Вячаслаў закончыў БНТУ, зараз жыве і працуе ў Польшчы, а Віталій – Вышэйшы каледж сувязі, працуе ў Стоўбцах.
Чэмка Эдуард Емяльянавіч
Нарадзіўся ў 1946 годзе ў вёсцы Русакі Рубяжэвіцкага сельсавета (дадатак 8). У 1981завочна закончыў Беларускі сельскагаспадарчы тэхнікум і прыняў брыгаду ў вёсцы Барок ад аднаго з лепшых брыгадзіраў – Дзям’янкі Івана Канстанцінавіча.
З 1970 па 1972 год праходзіў службу ў Далёкаўсходняй ваеннай акрузе. Пасля дэмабілізацыі скончыў курсы прапаршчыкаў у г. Гатчына. Далей была служба прапаршчыкам у ваенным гарадку недалёка ад вёскі Дзераўная на пасадзе старшыны ракетнага дывізіёна. У 1978 годзе звольніўся ў запас і пачаў працаваць у калгасе “Чырвоная зорка“. Брыгадзірам быў да 1990 года, а затым яго перавялі загадчыкам фермы “Барок”.
У час яго кіраўніцтва ў брыгадзе працавала на паляводстве каля 36 чалавек, у асноўным жанчыны. Працавалі дружна, плённа. У летні час займаліся праполкай буракоў, збіралі з палёў камяні, затым была ўборка льну, бульбы і г.д.
У 1997 годзе перайшоў на працу ў Хатаўскі сельскі Савет інжынерам- землеўпарадкавальнікам, а са снежня 2000 года выбраны старшынёй гэтага сельсавета. У лістападзе 2006 года пайшоў на пенсію.
Пражывае ў вёсцы Барок, жанаты. Жонка, Софія Аляксандраўна, была настаўніцай пачатковых класаў Дзераўнянскай СШ, цяпер на пенсіі і працуе сацыяльным работнікам. Маюць дзвюх дачок, чацвёра ўнукаў.
За шматгадовую плённую працу ўзнагароджаны медалямі “За воинскую доблесть” (да 100-годдзя з дня нараджэння Леніна), “60 лет Вооружённых Сил СССР”, а таксама граматамі, дыпломамі.
Ліпніцкі Іван Уладзіміравіч
Нарадзіўся 22 жніўня 1951 года. Скончыў Цясноўскую СШ у 1968 годзе. У 1969-1971 гг. служыў у Савецкай Арміі ў Куйбышаве. З 1972 па 1976 гады працаваў на Маладзечненскім камбінаце будаўнічых матэрыялаў. У 1973 годзе завочна паступіў у Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут на агранамічны факультэт. Скончыў у 1972 годзе. З 1976 па 1982 гады працаваў у калгасе “Радзіма Ф.Э. Дзяржынскага” брыгадзірам, затым галоўным аграномам.
З 1982 па 1989 гады – аграном-насеннявод калгаса “Чырвоная зорка”. У 1989 годзе стаў брыгадзірам брыгады №1.
У 2006 годзе пайшоў на пенсію па стане здароўя. Жанаты. Жонка, Галіна Эдвінаўна, працуе настаўнікам нямецкай мовы ў Дзераўнянскай СШ.
Мае дзве дачкі, пяцёра ўнукаў.
Шпілеўскі Станіслаў Іванавіч
Радзімай Станіслава Іванавіча з’яўляецца Стаўбцоўшчына, невялікая вёска Хатоўка, якая размешчана між пушчанскіх лясоў. Тут прайшло дзяцінства Станіслава, тут жыве ён у бацькоўскай хаце і сёння. Магчыма, так склаўся лёс, а магчыма, абставіны, але як бы там ні было, а застаўся Станіслаў Іванавіч жыць і працаваць у родных мясцінах.
Шаснаццацігадовым юнаком пачаў сваю працоўную біяграфію ў калгасе “Чырвоная зорка”. Неўзабаве вывучыўся на шафёра, але нядоўга круціў баранку калгаснага грузавіка: прызвалі ў армію. Пасля службы вярнуўся на ранейшую работу. Працаваў шчыра. Прыкмеціла кіраўніцтва яго гаспадарскую жылку, прызначылі брыгадзірам паляводчай брыгады. Спраўляўся з даручанай справай на выдатна, але трэба было вучыцца, набірацца вопыту. І яго накіравалі на вучобу ў Смальянскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Пасля амаль трохгадовага знаходжання на Віцебшчыне, дзе “грыз граніт навукі”, Станіслаў Іванавіч вярнуўся дадому з дыпломам агранома. І да сённяшняга дня ніколі надоўга не пакідаў родных мясцін. Больш за трыццаць гадоў працы аграномам, сямнаццаць з якіх – галоўным. Такога багатага стажу работы не мае ніводны галоўны спецыяліст раслінаводчай галіны раёна.
Пра Станіслава Іванавіча гавораць, што ён аграном па прызванні – сапраўдны гаспадар поля, які нават інтуітыўна адчувае дыханне зямлі. Аднавяскоўцы падкрэсліваюць яго прастату, уменне пагаварыць шчыра, адкрыта, дапамагчы не толькі парадай у складанай сітуацыі, а і справай. Станіслаў Іванавіч – добры сем’янін. Разам з жонкай, Галінай Іванаўнай, выхавалі дваіх сыноў, прывіўшы ім павагу да сялянскай працы. І асаблівая радасць для дзядулі – дзве ўнучкі і ўнук.
За шматгадовую і добрасумленную працу ў галіне сельскай гаспадаркі ўзнагароджаны шматлікімі граматамі і каштоўнымі падарункамі.
Шаўчурка Ганна Максімаўна
Пасля заканчэння ў 1958 годзе Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі Ганну Максімаўну накіравалі ў калгас “Камсамолец” Валожынскага раёна, а затым – у доследную гаспадарку “Радзіма” Івянецкага раёна аграномам, праз некалькі гадоў плённай працы пераводзяць на Стаўбцоўшчыну. На базе калгаса “Чырвоная зорка” стваралася апорна-паказальная гаспадарка. Вельмі патрэбны былі адукаваныя спецыялісты, якія б ведалі сваю справу. Такім чынам Ганна Максімаўна стала галоўным аграномам гаспадаркі, і прычым адзіным. Укараняць новае, перадавое, вучыць кадры – такая задача стаяла перад апорна-паказальнай гаспадаркай. І яна выконвалася. Брыгадзіры і звеннявыя завочна заканчвалі сельгастэхнікумы. Павышалі свой прафесійны ўзровень. Шаўчурка Г.М. і сама была выдатным спецыялістам і добрым арганізатарам.
Нельга перацаніць той уклад, які ўнесла жанчына ў развіццё раслінаводчай галіны гаспадаркі. Дзякуючы менавіта яе намаганням, калгас заняў перадавыя пазіцыі ў раёне. Ганна Максімаўна расказвала, што былі такія гады, калі яны літаральна авалодвалі ўсімі пераходнымі Чырвонымі сцягамі, не пакідаючы іншым ніякай надзеі сябе перасягнуць, станавіліся пераможцамі ў сацыялістычным спаборніцтве. І можна было толькі здзіўляцца, з якой упартасцю і мэтанакіраванасцю спецыялісты і радавыя працаўнікі з году ў год павялічвалі паказчыкі. Гаспадарка за атрыманыя высокія ўраджаі неаднойчы з’яўлялася ўдзельнікам ВДНГ. Два разы ездзіла ў Маскву і Ганна Максімаўна. Яе фотаздымак, разам з фотаздымкам Героя Сацыялістычнай Працы Рамана Ваньковіча, адкрываў галерэю партрэтаў беларускага павільёна.
У 1978 годзе перадавую гаспадарку наведаў першы сакратар ЦК КПБ Пётр Міронавіч Машэраў. Гэта быў вялікі гонар для раёна. Гэты дзень застаўся ў памяці на ўсё жыццё. Высокіх гасцей (разам з Машэравым прыляцелі Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР І.Я. Палякоў і Старшыня Савета Міністраў БССР К.Я.Кісялёў) сустракалі першы сакратар райкама партыі Міхаіл Роўда і старшыня райвыканкама Уладзімір Радзевіч. Амаль увесь час у цэнтры ўвагі была галоўны аграном Ганна Шаўчурка, бо менавіта яна вяла размову з кіраўніком краіны, дакладна адказвала на пытанні.
Ганна Максімаўна была выдатным спецыялістам, добрым арганізатарам. За сваю амаль саракагадовую плённую працу была кавалерам двух ордэнаў – Леніна і Знак пашаны, узнагароджана медалём “За доблесную працу”, ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. Маецца шэраг абласных і раённых, некалькі нагрудных знакаў, у 1977 годзе прысвоена званне “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР” (гэта ганаровае званне ёй было прысвоена першай у раёне). Пабывала ў Венгрыі і Чэхаславакіі, вывучала замежныя тэхналогіі вырошчвання сельгаскультур. Уваходзіла ў склад савета калгасаў раёна, выбіралася членам Мінскага абкама КП Беларусі.
Памерла ў 2018 годзе.
Выгадавала двух сыноў, расце ўнук.
Заключэнне
Сапраўды, усё вырашаюць кадры. Ад іх умення арганізаваць справу, ад іх ініцыятывы і мэтанакіраванасці залежыць поспех у выкананні пастаўленых задач. Плённай была праца спецыялістаў сярэдняга звяна, радавых працаўнікоў. Калгасу “Чырвоная зорка” пашанцавала і на старшынь, і на брыгадзіраў. Зямля аддзячвала высокімі стабільнымі ўраджаямі, паляпша-лася жыццё калгаснікаў. Да гэтага часу ў музеі гаспадаркі захоўваецца рубінавы знак, які прывезлі перадавікі з адной з чарговых выставак ВДНГ.
За час існавання калгаса ў розны час паляводчымі брыгадамі кіравалі каля 18 чалавек. У кожнага з іх свой жыццёвы шлях, розныя лёсы, але іх аб’ядноўвае любоў да роднай зямлі, да працы, да людзей.
Сабраны матэрыял будзе захоўвацца ў школьным музеі “Стаўбцоўшчына літаратурная” і музеі калгаса “Чырвоная зорка”. Мы верым, што кожны, хто будзе з ім знаёміцца, стане больш паважліва адносіцца да працы хлебароба, да прафесіі агранома, а ў будучым, магчыма, абярэ гэту прафесію.
свернуть