Найбольш змястоўнымі і цікавымі з’яўляюцца матэрыялы чацвёртага раздзела, прысвечанага выпускнікам нашай школы, хто прысвяціў сябе паэзіі ці толькі робіць першыя спробы пяра. Гэты раздзел называецца “Зямля, дзе пачаўся твой лёс”. Эпіграфам да яго ўзялі словы Генадзя Бураўкіна:
Я ўдзячны лёсу,
Што з усіх краёў
Ён выбраў для мяне
Навекі гэты.
На поўнач за Стоўбцамі раскінула свае шаты Налібоцкая пушча. Рубяжэвічы… Іскрыцца, пераліваецца на сонцы стронгавая Сула, вартуе пераезд стары, забыты млын… А далей, ля самага сэрца дрымотнай пушчы, прытулілася вёсачка Малыя Навікі, якая і стала жыццёвай і паэтычнай калыскай паэта Казіміра Камейшы.
Казімір Вікенцьевіч нарадзіўся 4 снежня 1943 года ў сялянскай сям’і. Пачаў пісаць вершы ў 1959 годзе. Пасля заканчэння Дзераўнянскай сярэдняй школы ў 1961 годзе паступае ў БДУ на філалагічны факультэт. Упершыню ў друку выступіў у тым жа 1961 годзе. Біяграфія майстра паэтычнага слова, як і многіх яго равеснікаў, самая звычайная. Пасля заканчэння БДУ (у 1970 годзе) працаваў у раённай газеце, на беларускім радыё, у рэдакцыях часопісаў “Полымя”, “Вясёлка”, быў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Маладосць” у галіне паэзіі.
Сёння яго паэтычны набытак даволі багаты. Гэта кнігі паэзіі “Восеньскія позвы”, “Мембрана”, “Нектар”, “Тут мае вёсны прычалены”, “Сябрына”, “Плёс”, “Галоўная вярста”, “Пярэймы дня”, “Кубак блакіту”, “Я – з пушчы”, “Вячэрняя малітва”, зборнік лірычных запісаў і мініяцюр “Паміж кубкам і вуснамі” і іншыя. Некалькі зборнікаў вершаў паэт выдаў для дзяцей. Выступаў у друку з рэцэнзіямі, артыкуламі, нарысамі. Перакладаў з рускай, украінскай, польскай і іншых моў. Асобныя яго творы пакладзены на музыку Вагнерам, Касалапавым, Цесаковым. Лаўрэат Літаратурнай прэміі Саюза пісьменнікаў БССР імя Аркадзя Куляшова (1989 г.) за зборнік паэзіі “Пярэймы дня”, лаўрэат Літаратурнай прэміі “Залаты купідон” (2010 г.), пераможца ў Рэспубліканскім конкурсе “Нацыянальная літаратурная прэмія” ў намінацыі “Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі” за зборнік вершаў “Высокі бераг” (2018).
Працаваў на радыё, у рэдакцыях часопісаў “Полымя”, “Вясёлка”, “Маладосць”, “Вожык”.
А яшчэ далей, у самым сэрцы пушчы, адкуль рукой падаць да залацістадоннага і казачнага возера Кромань, у два шнуркі расцягнула свае хаты вёска Янкавічы. Гэта бацькоўскі куток, маленькая радзіма пісьменніка Генрыха Далідовіча. Ён таксама выпускнік нашай школы.
Нарадзіўся Генрых Вацлававіч 1 чэрвеня 1946 года ў сям’і каваля. У 1963 годзе закончыў Дзераўнянскую СШ, у 1968 годзе – філфак БДУ, працаваў настаўнікам у Барысаўскім раёне, служыў у арміі, зноў працаваў настаўнікам, затым завучам. З 1973 года працуе ў Мінску спачатку ў рэдакцыі часопіса “Полымя”, а з 1979 года – у рэдакцыі часопіса “Маладосць”. З 1991 года з’яўляўся яго галоўным рэдактарам. Займаючы гэту высокую пасаду, ён дапамог убачыць свет творам нашых землякоў – Віктара Сабалеўскага, Тамары Мазур, Зоі Калкоўскай, Івана Рубіна, Сяргея Галоўкі, Рышарда Недаводзіна.
Першае апавяданне пісьменніка надрукавана ў 1966 годзе ў раённай газеце “Прамень”. Генрых Далідовіч – аўтар кніг прозы “Дажджы над вёскай”, “Цяпло на першацвет”, “Маладыя гады”, “Міланькі”, “На новы парог”, “Станаўленне”, “Міг маладосці”, раманаў “Гаспадар-камень”, “Пабуджаныя”, “Свой дом”, “Заходнікі” і іншых. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа за раман “Гаспадар-камень” і Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь за раман “Заходнікі”. У цэнтры ўвагі пісьменніка гістарычнае мінулае налібоцкага краю, пасляваеннае жыццё заходнебеларускай вёскі з характэрнымі для таго часу цяжкасцямі і праблемамі. Тэматыка твораў звязана пераважна з вёскай, з працай настаўнікаў. Яго творчасці характэрны лірызм, увага да слова, жыццёвая дакладнасць.
Крыху бліжэй да Дзераўной яшчэ адна знаёмая вёсачка Ніўнае. Тут у 1948 годзе нарадзіўся паэт Рышард Недаводзін. У 1966 годзе закончыў нашу школу і быў прызваны ў армію. Пасля служыў мічманам на флоце. Закончыў Літаратурны інстытут імя Горкага. Удзельнік VІІІ Усесаюзнай нарады маладых пісьменнікаў, якая праходзіла ў Маскве ў 1984 годзе. Пісаў пераважна на рускай мове. Яго вершы друкаваліся ў цэнтральных і флоцкіх газетах, часопісах “Знамя”, “Знаменосец”, “Советский воин”, “Студенческий меридиан”, у калектыўных зборніках “Маладая гвардыя”, “Багульнік”, у альманаху “Вытокі”. У выдавецтве “Маладая гвардыя” выйшла кніга вершаў “Цяжкая вада”. У 1993 годзе выйшла кніга вершаў “Свидание с Богом”, пазней – зборнік “Судьбы моей сомкнулся круг”. У 1995 годзе ў выдавецтве “Полымя” выйшаў чарговы зборнік паэзіі “Камяні вопыту” на беларускай мове. Памёр у 1998 годзе.
Лёс наканаваў пушчанцам вырвацца ў вялікі свет, знайсці сваю долю. З “лёгкай рукі” Казіміра Камейшы і Генрыха Далідовіча пайшлі ў нашай школе паэты і празаікі. Гонарам школы з’яўляецца выпускнік 1979 года, зямляк Генрыха Далідовіча Віктар Ключнік. Закончыў факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча, Ваенную акадэмію Узброеных Сіл Расіі, Міжнародны гуманітарны ўніверсітэт у Францыі. Працаваў ваенным карэспандэнтам на Украіне, у Маскве, на Далёкім Усходзе, за мяжой. Лаўрэат Міжнароднага конкурсу маладых журналістаў (1991 год). Працаваў на тэлебачанні рэдактарам праграмы для вайскоўцаў “Арсенал”., у Камітэце дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.
Лёс Лідзіі Святагор, выпускніцы 1988 года, склаўся так, што яна вымушана была пакінуць факультэт журналістыкі БДУ і закончыць разам з мужам Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі (цяпер БДАТУ). Завочна скончыла педагагічны ўніверсітэт. Працуе настаўнікам матэматыкі ў г. Стоўбцы. Але піша вершы і цяпер, па-ранейшаму супрацоўнічае з раённай газетай “Прамень”, дасылае туды свае вершы і нарысы аб жыцці вяскоўцаў, аб іх клопатах і турботах.
Часта ў мясцовым друку на паэтычнай старонцы “Праменя” “Коласаўская крынічка” можна бачыць вершы выпускніцы нашай школы, а зараз фельчара Стаўбцоўскай раённай бальніцы Эмы Фраловай.
А сёстры Ірына і Наталля Галавач, якія закончылі школу ў 1996 годзе, неаднаразова зачароўвалі публіку тым, што выконвалі песні, музыку і словы да якіх пісалі самі. У іх вершах, як і вершах аднакласніцы Вольгі Карповіч, расказваецца пра жыццё равеснікаў, моладзі 90-ых гадоў. Пішуць яны пераважна на рускай мове, але сустракаюцца і творы на роднай мове.
Захоўваецца ў музеі і літаратурная спадчына былога настаўніка рускай мовы і літаратуры нашай школы Цітова Міхаіла Іванавіча – 15 рукапісных сшыткаў (з іх 9 – аўтабіяграфічная аповесць пра вайну), нататкі, надрукаваныя ў раённай газеце “Прамень”, вершы, прысвечаныя калегам па працы. Яго апошняе выступленне было ў лютым 1998 года ў роднай школе са словамі:
Скажу я прямо: счастлив я.
И счастлив я сполна,
Ведь жизнь моя прошла не зря:
В учениках она.
Захоўваюцца ў музеі і нізкі вершаў Браніславы Гаўрыленкі, былой піянерважатай, Івана Босага, Ірыны Мар’юшыч, Марыі Ціхановіч, Валерыя і Андрэя Грышаноў, Таццяны Куцко, а таксама працы Іосіфа Пажогі, Франца Шумчыка.