У Максіма Танка ёсць “Казка пра музыку”.
Жыў на свеце сірата Музыка. Ён так іграў на жалейцы, што ўсё ў прыродзе радавалася. А людзям яго песня надавала сілы, будзіла ў сэрцах сірот і беднякоў надзею.
І вось даведаўся цар аб незвычайным Музыку-чарадзею і загадаў прывесці ў палац.
Ідуць яго слугі, ідуць… Толькі пачуюць, што нехта грае, – ідуць туды. А музыку не бачаць.
Адзін кажа: “Можа, гэта здань?”
Другі: “Мо трава спявае?”
Толькі трэці, прылажыўшы вуха да зямлі, кажа:
- Братцы! Тут зямля такая!
Гэты раздзел і прысвечаны славутай дзераўнянскай зямлі.
Аб гістарычным лёсе нашага краю гавораць амаль толькі назвы, якія за сваю тысячагадовую гісторыю насіў Налібоцка-Нёманскі край.
Назва нашай вёскі Дзераўная паходзіць, напэўна, ад слоў “дзёрн” або “дзірван”, што тут, у пушчы, мела месца раскарчоўкі лесу. Вядомая з пісьмовых крыніц першай паловы ХVІ стагоддзя як маёнтак кашталяна Віленскага Сямёна Гедыголдавіча. Доўгі час маёнткам упраўляла яго жонка Мілохна Кежгайлаўна. У 1596 годзе Дзераўная і 8 навакольных вёсак становяцца ўласнасцю ваяводы троцкага Мікалая Крыштафа Радзівіла ў выніку яго шлюбу з дачкой уладальніцы мястэчка Еўфіміі Вяржбіцкай Гальшкай Вішнявецкай. Па загаду новага гаспадара ў 1590 годзе ў Дзераўной будуецца касцёл Звеставання, які захаваўся да нашага часу як гістарычны помнік ХVІ стагоддзя. Паступова Дзераўная становіцца знатным паселішчам.
Давайце ж зробім падарожжа ў часе і прасторы пад прыгожай назвай “Тут нашы вёсны прычалены”.
Родны куток – гэта своеасаблівая гавань, якая мае свой прычал. І да яго мы прыплываем з надзеяй і любоўю. Надзеяй быць пачутымі і абагрэтымі, а любоў да родных мясцін заўсёды сагравае сэрца кожнага.
Найперш уявім сабе нашу вёску ў мінулым з вуліцамі на Налібакі, да Турэцкага перавозу, да двара і на Ніўнае, цяпер гэта вуліцы імя Ваньковіча, Панамарова, Пясочная, Садовая і Ніўнянская. На здымку 9 мы бачым куточак старой Дзераўной, вугал чатырохвугольнай плошчы. Раней гэта быў цэнтр мястэчка. Тут двойчы на тыдзень – у чацвер і нядзелю – ладзіліся шумныя кірмашы, тут размяшчаліся крамы з таварамі народнага спажывання, уладальнікамі якіх былі багатыя яўрэі Брыма, Рыўка, Цукерман і Каплан. На плошчы стаяла 28 хат, быў завулак Рынкавы.
Цяперашняя Стаўбцоўская вуліца раней была маланаселеная, стаяла толькі 7 хат і школа. А далей ішлі зямельныя надзелы сялян. Цяпер гэта вуліца разбудавалася, у цэнтры яе – школа.
У “Памятнай кнізе Віленскай вучэбнай акругі” за 1874 год знаходзім запіс, што “ў мястэчку Дзераўна ў 1866 годзе адкрыта Дзеравенскае народнае вучылішча”, першым настаўнікам якога быў Мікалай Сцяпанавіч Васілеўскі. Пазней у школе стаў выкладацца закон Божы. Так, напрыклад, у 1900 годзе ў школе займалася 50 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі, настаўнікам быў Еўдакім Міхалковіч, а закон Божы выкладаў ксёндз Сігізмунд Чаркоўскі.
У 1921 годзе ў вёсцы была пабудавана школа-сямігодка. Яна размяшчалася на тэрыторыі нашага школьнага двара.
Калі прыйшлі Саветы (1939 год), сталі вывучаць рускую і беларускую мовы.
У 1957 годзе нададзены статус сярэдняй школы, а сучасны будынак узведзены ў 1965 годзе.
Школа мае сваю эмблему (яе аўтар былы намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Доўнар Ванда Іванаўна), гімн (словы і музыку напісаў Яўген Вікенцьевіч Карпуць). Своеасаблівым абярэгам установы адукацыі з’яўляецца карціна-абраз, падараваная Антоніем Дзям’янкам, выпускніком школы 1977 года. Настаўнікі і вучні з вялікай пашанай ставяцца да яе, лічаць сваёй заступніцай і ахоўніцай. Мы верым, што пастаяць перад ёй, дакрануцца – добры знак.
Хочацца спыніцца на побыце жыхароў мястэчка. Усе культурныя мерапрыемствы ладзіліся ў Доме людовых (на месцы аўтобуснага прыпынку). Вечары адпачынку, святы ладзілі сумесна – вучні і мясцовыя жыхары, пераважна моладзь. Кіравала ўсім жонка мясцовага паліцыянта Загвоздэна, дапамагалі і настаўнікі. Жыхары мястэчка ставілі пастаноўкі, на вадаёме ў маёнтку Жывіцкага ладзілі свята Нептуна, выязныя продажы кандытарскіх вырабаў і прадметаў хатняга ўжытку. У вёсцы былі створаны каса стэвчыка (ашчадная каса) і каса хворых, мэтай якіх было аказанне дапамогі тым, каму яна вельмі патрабавалася. Загадчыкам касы быў аўтарытэтны чалавек Вайткевіч Сульвэсь.
Ахвяры Халакосту – таксама не менш важная тэма нашай гутаркі. Да вайны ў Дзераўной жыло каля 400 яўрэяў. У асноўным гэта гандляры і дробныя рамеснікі. Праследаваннне іх пачалося раней, у канцы 30-х гадоў. Асаблівы ўціск адчулі гандляры, канкурэнтамі іх сталі кааператывы, створаныя мясцовымі актывістамі. Тавары апошніх былі таннейшымі. Тады яўрэі пачалі тайна вывозіць свае тавары ў навакольныя вёскі і там іх прадавалі, хоць гэта каралася штрафам і стратай ліцэнзіі на продаж.
Пройдземся Касцельнай вуліцай, якая цяпер носіць імя Леапольда Ваньковіча, першага старшыні сельсавета, расстралянага разам з мясцовымі актывістамі ў жніўні 1942 года. Тут размяшчаліся магазіны яўрэяў, аптэка, гміна, пастарунак, жылі знатныя яўрэі – доктар Велім, настаўнік Томчык, паліцыянты, гандляры, мясцовы каваль Даўгапол, аптэкар, ветэрынар і іншыя. На гэтай жа вуліцы ўзвышаецца велічны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Да нас дайшлі імёны тых, хто ўзводзіў святыню – Іван Грынцэвіч з Зарэчча, Раман з Дзяражнай і Андрэй з Ніўнага. Нам удалося даведацца прозвішчы 15 святароў за апошнія 120 гадоў і пра лёс многіх з іх. З нашай парафіі выйшлі 2 святары – Антоній Дзям’янка, біскуп Пінскай дыяцэзіі, і Віталь Галец, а таксама 3 сястры-законніцы—Часлава Навіцкая, Тэрэса Дзям’янка і Ірына Салей.
Спусцімся ніжэй, да возера, любімага месца адпачынку жыхароў вёскі. Тут вядомы ўсім “астравок кахання”, уздоўж возера размешчаны будынак сельсавета, школа мастацтваў, стадыён “Меліяратар”. Усё гэта месціцца ў былым маёнтку Жывіцкага, у мінулым – ваеннага ксяндза. Лес, пасаджаны за маёнткам, і цяпер называюць Жывіцкім хвойнікам.
Сёння Дзераўная – аграгарадок. Гэта буйны культурны цэнтр Стаўбцоўшчыны з высокаразвітой інфраструктурай. Тут пражывае каля паўтары тысячы чалавек. Для паслуг насельніцтва адрамантаваны КБА, Дом культуры, гаспадарчы і прадуктовыя магазіны. Змены адбыліся ў знешнім выглядзе аддзялення сувязі, школы мастацтваў, дзіцячага сада, ашчаднай касы, бальніцы, аптэкі, стадыёна.
Хацелася б, каб гэта кропелька гісторыі аграгарадка Дзераўная, яе знакамітых мясцін засталася з вамі і каб у вандроўках па Беларусі вы не праязджалі міма.